понедельник, 10 марта 2014 г.

Загадкавы свет жаночага мастацтва

     Напярэдадні  вясны,   галерэя «Вільнюс»  прадстаўляе выставу  «Загадкавы свет жаночага мастацтва". Удзельніцы праекта - мастачкі, якія  ладзілі  свае выставы ў галерэі  з 1997  па  2014 год.
   Сярод аўтараў Марыя Ісаёнак, Валянціна Уласава, Ірына Ягацінцава, Святлана Матвеенка, Аксана Быстрова, Святлана Гасенак, Ірына Гаспадарская, Людміла Матвеенка, Валянціна Ранцэвіч і іншыя (усяго 14 мастачак). Асабліва  хочацца адзначыць Марыю Ісаёнак, якая ласкава пагадзілася адкрыць першую выставу ў галерэе “Вільнюс” у 1997 годдзе  і тым самым падняла планку для ўсіх далейшых мастакоў і мастачак.




      Выстава прысвечана надыходзячай вясне і, канешне ж, жанчыне як неад’емнай частцы ўсяго прыгожага і таямнічага. Для прыхільнікаў мастацтва ўдзельніцы  прапануюць каля 50 сваіх чароўных і загадкавых прац:  гэта жывапіс, акварэль, вышыўка, батык.
Мэта выставы – аб’яднаць у адной зале вельмі розных мастакоў, каб данесці да гледача багацце ўнутранага свету жанчыны: яе мары, яе бачанне наваколля, яе таемныя думкі і жаданне зрабіць жыццё прыгожым, светлым і чыстым.
            На адкрыцці выставы прысутнічалі Марыя і Мікалай Ісаёнкі, паэтэса Валянціна Паліканіна, якая ў якасці падарунка прысутным, прачытала свае вершы. Бардаўскі дуэт “Экспедыцыя” падараваў усім сапраўдны канцэрт – у іх выкананні прагучалі песні на словы вядомых паэтаў, бардаў, а таксама была выканана песня на словы Валянціны Паліканінай.
         Аўтары, якія прадставілі свае працы, пасля афіцыйнай часткі змаглі ва ўтульнай абстаноўцы абмяняцца сваімі поглядамі на творчасць адзін аднаго, падзяліцца творчымі планамі.