понедельник, 19 сентября 2016 г.

Па выніках пленэру



Свой новы выставачны сезон мастацкая галерэя “VILNIUS” адчыніла выдатнай выставай, прысвечанай памяці Яна Хруцкага, беларускага хрысціянскага мастака. Выстава – вынік пленэру, які адбыўся пры грэка-каталіцкай парафіі святамучаніка Язафата ў Полацку з блаславення архімандрыта Сяргея, апостальскага візітара Беларускай грэка-каталіцкай царквы. 

 У выставе прымаюць удзел мастакі з Віцебску, Полацку, Мінску: Аляксей Ліцвінаў, Дзмітрый Мшар, Андрэй Піскун, Віктар Жукаў, Іван Іваноў, Ірына Бабарыка, Сяргей Чарцілін.
 Прадстаўленыя карціны ўяўляюць сабой краявіды Полацка, горада-легенды, аднаго з найстарэйшых мясцін на тэрыторыі Заходняй Еўропы. На выставе ўвасобіўся дух гэтага горада, з яго гісторыяй, храмамі.  
Пленэр аб'яднаў мастакоў не толькі творчасцю, але і ідэяй - данесці да гледача не толькі фактычнае выяўленне тых ці іншых будынкаў, помнікаў, але і падкрэсліць духоўнасць і святасць гэтых месц.
На адкрыцці выставы прысутнічалі полацкі святар айцец Аляксандр Шаўцоў, старшыня полацкай  грэка-каталіцкай парафіі мастак Андрэй Піскун і мінскі мастак Зміцер Мшар. Менавіта Зміцер стаў ідэйным натхняльнікам пленэру. А полацкая парафія і яе душпастыр Аляксандар Шаўцоў, які сам захапляецца мастацтвам і выступае за захаванне спадчыны, забяспечылі мастакам пражыванне і харчаванне. Музыкант Міхал Бараноўскі стварыў асаблівую атмасферу духоўнасці і свята, выканаўшы песні на свае вершы і на вершы Уладзіміра Караткевіча. 
Энергетыка, якая сыходзіць з карцін, не можа ні з чым параўнацца, таму што храм не проста будынак, а цэнтр духоўнага жыцця мноства людзей. Малюючы святыя мясціны мастакі далучаюцца да Божай міласэрнасці. А самі карціны ўзвышаюць думкі і пачуцці тых, хто на іх глядзіць .